Минский областной комитет
природных ресурсов
и охраны окружающей среды
Закрыть
+375 (17) 375 54 54 / тел.
+375 (17) 397 49 57 / факс
09.00 - 18.00 / ПН-ПТ
Перерыв: 13.00-14.00
Выходной: СБ, ВС
Рус  Бел  Eng 

У Мінскай вобласці выпрабоўваюць хімічныя прэпараты супраць зарасцяў баршчэўніка

29.05.2019 | Новости
Мінская вобласць у краіне займае другое месца пасля Віцебскай па росце баршчэўніку Сасноўскага. На цэнтральны рэгіён прыпадае 950 месцаў распаўсюджвання расліны на плошчы 364,64 га! Асабліва церпяць у вобласці Вілейскі, Нясвіжскі, Барысаўскі, Уздзен­скі, Слуцкі, Валожынскі, Мінскі, Лагойскі і Пухавіцкі раёны. Летась у апошнім разгарнулі некалькі эксперыментальных пляцовак, дзе ўжылі хімічны метад барацьбы з баршчэў­нікам: ён здольны за 3-5 гадоў, спадзяюцца спе­цыялісты, знішчыць непажаданую расліннасць.

Па дарозе да месца падзей Кацярына Гуліс, намеснік начальніка аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, нетраў, біяразнастайнасці асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, расказвае:

— Трэцяга мая міну­лага года нам было даручана выбраць зямельныя ўчасткі для аналізу эфектыўнасці выкарыстання хімічнага спосабу барацьбы з баршчэўнікам Сасноўскага. У якасці эксперыментальных выкарысталі тэры­торыі ў межах Блонскага сельскага выканаўчага камітэта і каля вёскі Мар’іна на ААТ «Племянны завод «Індустрыя». Справай заняліся спецыялізаваныя арганізацыі, адна з якіх — ЗАТ «Август-Бел» — займаецца выпускам сучасных беларускіх хімічных сродкаў абароны раслін і апрацоўкай зямельных участкаў пестыцыдамі для выдалення інвазіўных раслін. У якасці гербіцыдаў для эксперыменту абралі прэпараты «Грэйдар» і «Магнум».

Пад’язджаем да месца апрацоўкі — вёскі Мар’іна. Нешта не відаць тут двухмятровых «лапухоў», здольных пакінуць пасля сябе балючыя апёкі на доўгую памяць... Юрый Кур’яновіч, начальнік Пухавіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, кажа, што леташняя апрацоўка хіміяй дае вынік.

— Апошнія тры гады актыўна змагаемся з баршчэўнікам, які ўсім сваім выглядам нам кажа: «Мая задача — квітнець, і я буду гэта рабіць». Калі пачалі выкарыстоўваць хімічны метад, на гэтым участку праводзілі маніторынг, рабілі фотаздымкі, каб зразумець, ці ёсць вынік, — тлумачыць Юрый Кур’яновіч, пакуль спецыялісты па комплексным абслугоўванні зялёных насаджэнняў, а паміж сабой — «баршчэўнікі» Сцяпан Латыпаў і Мікіта Крывальцэвіч апранаюцца ў спецадзенне. — Як бачыце, папуляцыя расліны тут ужо невялікая. Толькі некаторае насенне ўзыходзіць. У гэтым годзе мы зноў апрацавалі гербіцыдамі баршчэўнік — ад гэтага ён пажоўк: расліна паступова гіне.

Праўда, радавацца рана: насенне баршчэўніку вельмі жывучае. У зямлі яно захоўваецца да 10—15 гадоў, а значыць, перыядычныя ўспышкі Сасноўскага тут можна будзе назіраць. На шчасце, не ў такіх колькасцях, як раней. Цікава, а зямля пасля такой масіраванай хімічнай атакі будзе ўрадлівай? Так. Тэрмін раскладання выкарыстанага гербіцыду ў зямлі — 100 дзён. Тут, вядома, не варта выгульваць сабаку пасля таго, як прайшла апрацоўка, але пасля зямля можа ўводзіцца ў сельгасабарачэнне.

Нягледзячы на тое што ў тых, хто змагаецца напрамую з баршчэўнікам, спецыяльныя ахоўныя касцюмы, з сабой на ўсялякі выпадак ёсць пластыры, цынкавая мазь і сонцаахоўныя крэмы. Сцяпан і Мікіта апранаюць касцюм, акуляры, пальчаткі, боты, закідваюць за плечы 28-кілаграмовы магутны апырсквальнік з хімічным рэчывам. Сцяпан Латыпаў тлумачыць, навошта такая экіпіроўка:

— Касцюм не толькі закрывае мяне ад соку баршчэўніку, але яшчэ і дыхае. Гэта важна, каб на спякоце спецыяліст не атрымаў цеплавы ўдар. Расліна, з якой працую многія гады, да гэтага часу здзіўляе! Ніколі ў мяне не было апёкаў ад яе. А тут нядаўна пры правядзенні інструктажу кажу хлопцам: «Да сярэдзіны мая баршчэўнік не такі небяспечны, як у чэрвені, калі квітнее». Сказаў, а ў канцы дня выявіў — вось глядзіце: вялікая язва, быццам мяне жалезам прыпяклі.

Сцяпан і Мікіта заводзяць рухавікі сваіх «заплечнікаў» і накіроўваюцца да «дыверсантаў». З трубы вылятае дробная аэразоль — б’е струмень на адлегласць да 6 метраў: плюс такога метаду апрацоўкі яшчэ ў тым, што дазваляе цалкам апырскаць усю расліну і глебу побач з ёй — гэта памяншае насенны запас. І чым раней у маі паспеюць увесь баршчэўнік так апрацаваць, тым лепшы вынік. Дарэчы, пасля такой апрацоўкі нельга скошваць расліну. Яна павінна загінуць, інакш уся праца дарэмная.

Больш не адрываем ад працы — спадарам у «касмічным» адзенні пасля баршчэўніку яшчэ неабходна пазмагацца з сумнікам. Мы едзем на эксперыментальную пляцоўку ля аграгарадка Блонь. Тут ужо апрацаваны з пачатку мая 8 га тэрыторыі, занятай баршчэўнікам. Сяргей Навіцкі, кіраўнік аварыйна-выратавальнай службы ЗАТ «Август-Бел», якая займаецца пытаннямі апрацоўкі ўсходаў хімічнымі рэчывамі і дэзактывацыяй глебы ад засмечвання, выпраўляе нас да месца, дзе праводзіўся эксперымент. Адразу бачым розніцу: там, дзе баршчэўнік апрацаваны хімічным метадам, — расліны маленькія, жоўтыя, а месца, дзе ён быў скошаны, буяе зялёнымі лістамі «захопніка». Зараз яму дастанецца... Чатыры спецыялісты апранаюць бела­снежныя касцюмы, панарамныя маскі з фільтрамі, выстаўляюць непадалёк таблічку з папярэ­джаннем, што выкарыстоўваюцца пестыцыды, ускідваюць на спіны свае цяжкія «заплечнікі» і прыступаюць да працы. Сяргей Навіцкі дадае:

— Трэба яшчэ некалькі гадоў у вяснова-летні сезон апрацоўваць тэрыторыі, захопленыя гэтым інвазіўным відам, і, магчыма, ён знікне. Пакуль эксперымент праходзіць удала. Усе значныя мерапрыемствы па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці баршчэўніку Сасноўскага ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці праве­дзены ў мінулым годзе, яны працягнуцца і ў гэтым.

Крынiца: сайт SB.BY
Наверх